Станаўленне
Шрифт:
Саладуха
Стаў новым свет, а губы пахлі дымам,
Бо мы з снарадных конавак пілі…
— Мамуся, ідуць… — сказаў Казік. Ён сядзеў на коленцах на лаве i цяпер азірнуўся на цемнаватую хату, на невысокую цагляную, пабеленую мелам пліту, ля якой з відэльцам у руцэ стаяла ў валёнках, у доўгай цёмнай спадніцы i цёплай хустцы пастарэлая за апошні год маці.
У гаршку, што стаяў на пліце, булькала вада, лілася з яго на гарачы кружок, сіпела i мігам высыхала, узнімалася ўверх гаркаватай парай.
— Не сядзі ты ля акна… — з незадавальненнем, мусіць, баючыся, каб ён не прастудзіўся, адказала маці, парнула відэльцам бульбіну — паглядзела, ці зварылася, ці яшчэ ёй трэба крыху пастаяць на агні, а пасля як папікнула: — Дзіва ўбачыў…
Маці памацала колькі бульбін i ўсё ж падышла да замёрзлага акна, прыхінулася i пачала пазіраць праз маленькую, прадзьмуханую i вылізаную Казікам дзірачку на снежнае ранішняе, не зусім цёмнае, але яшчэ i не надта светлае поле, на дваіх мужчын, якія выйшлі з пустых, без ніводнай хаты, без ніводнага чалавека, замеценых снегам Янковіч на пагонку i плятуцца сюды, на хутар.
На дварэ стаяў моцны мароз. Яшчэ ўчора ўвечары, як толькі спусцілася над прудскім лесам сонца, зачырванелася i стала што памідор, паціснуў холад. Ад яго хутка пашарэлі шыбы i пачалі абрастаць белай намараззю, выбеліліся снежным пухам сцены, заскарынілася адталая за сонечны дзень вада ля цёплых прызбаў, пашэрхлі, пазвоньвалі абледзянелыя вішнёвыя галінкі, гэтаксама адталыя ўдзень пры цяпле. Звечара ўжо ляскала ў вуглах ды ў плоце, а пад раніцу дык i моцна трэскала, як нехта ўсё роўна біў там пранікам.
Чуў гэта Казік, бо кепска ўночы спаў, часта прахопліваўся i енчыў ад болю: яшчэ ўчора — шараю гадзінаю — нарабіў сабе бяды. На двор ён удзень не выходзіў (не меў цёплай вопраткі i абутку), a сядзеў на цёплай печы ці на ложку, гуляў з сястрою Вэрцяю. Калі пад вечар маці выйшла на двор, напаіла карову, укінула ёй сена i вярнулася ў хату з поўным вядром чыстай-чыстай вады, што, здаецца, надта ж чуйна пахла холадам, марозам, зімою, дык Кaзік адразу саскочыў з печы, падбег да вядра i чамусьці не рукамі, a губамі захацеў злавіць драбок празрыстага лёду, што плаваў на вадзе. Лавіў яго i не заўважыў, як даткнуўся языком да вочапкі. Язык прыліп да халоднага жалеза, як прыліпае цукерка да сукна. Казік пачуў бяду, адскочыўся — i зайшоўся ад болю: здаецца, па языку працягнулі гарачаю лыжкаю. Ён заенчыў, мусіць, дзікім голасам.
Маці, калі ўбачыла гэта, i смяялася, i папікала, што лез да вядра: «Ужо, лічы, кавалер, а розуму ніякага няма…» — а пасля прытуліла, шкадавала, прасіла адкрыць рот. Глядзела на абадраны, з крывёю язык i бедавала, што ён, гэты язык, не дасць цяпер у рот ні халоднага чаго, ні гарачага ўзяць…
…Новую хату, дзе цяпер былі Казік i маці, тут, на хутары, бацька пачаў ставіць, як толькі вярнуўся з бежанцаў — калі адступілі немцы i прыйшлі сюды савецкія салдаты.
Бацьку ў войска не ўзялі: ён хварэў перад гэтым на жаўтуху. Спачатку бацька, яшчэ добра не паправіўшыся, тут, ля былога селішча, зладзіў зямлянку. У ёй яны жылі аж да першых маразоў, пакуль не перабраліся ў падладжаную новую хату.
Янковічы, хутары пуставалі. Нядаўнія суседзі ўсё яшчэ былі ў Нямеччыне, i ніхто пра ix нічога не ведаў — жывыя яны ці даўно ўжо на тым свеце. Тутэйшыя ix селішчы застылі, утапталіся, абмыліся дажджамі i снегам, зараслі палыном i сухадзяроўкаю — i ўсё навокал увогуле здзічэла, як тут i не жылі людзі.
Бацька i маці, як толькі зрабілі зямлянку, наслалі ў ёй замест пасцелі моху, пачалі цягаць з лесу бярвенне. Рэзалі там пілою стройныя сосны, валілі ix, разразалі, клалі на калёсы, без драбінак ды ляжанкі i цягнулі да свайго селішча. Каня не было: яго забралі ў абоз.
Да першых восеньскіх зацяжных дажджоў бацька зляпіў невялікі, на адну палавіну i з адным акном, зруб, накрыў яго трысцём, нашчапаў сасны, паслаў з гэтых плашак столь, на яе наслаў моху i нацягаў пяску, а пасля ўзяўся сам складваць печ. На яе выбраў цэглы з папялішча i зрабіў новай, накапаўшы гліны на Каменнай гары.
Аднойчы, калі майстраваў ложак-тапчан, да ix зайшоў барадаты партызан. Ён цяпер стаў старшынёй тутэйшага сельсавета. Павітаўся з бацькам i з ім, Казікам, за рукі.
— Ну, вось ужо ў Янковічах i ёсць людзі,— усміхнуўся ён. — Віншую! Значыць, будзе жыць веска… Можа, хутка вернуцца i астатнія янкоўцы, людзі з другіх вёсак — i будзем пачынаць пакрысе ладзіць новае, сацыялістычнае, жыццё… Пачнём з таго, — ён падміргнуў Казіку, — што зладзім школу… А пасля пачнём калгасы ладзіць, заворваць межы…
— Можа, ці вернецца ўжо хто адтуль?! — пабедавала маці.
— Вернуцца, — адказаў старшыня сельсавета. — Нашы ўжо вось-вось возьмуць Берлін… Але i ты, таварыш Хлябовіч, папрацаваў! — здзівіўся госць, пазіраючы на новую хату. — Так можна змоладу падарваць здароўе… Столькі працы… I што ж вы тут ясце, людзі?
— Булён по сны, зацірку, — адказала маці,— сушым трысцёвае карэнне, таўчом яго i варым каву, варым жалуды, робім павідла з лопухавага карэння… А вопратку мыю сабачым мылам…
— Так… — пацмокаў барадач. — Выцерпелі не такое, дык неяк выцерпіце i гэта… Усё хутка перайначыцца… Ну, а што вы кармілі мяне i маіх сяброў тут, на гэтым хутары, што правілі нам хамуты, шылі боты там, у Ружэвічах, я вам дам даведку, што вы памагалі партызанам, дам карову…
Назаўтра бацька з раніцы пайшоў у сельсавет i прывёў чорна-белую былую партызанскую карову. Маці гладзіла галаву каровы, а ж плакала ад шчасця, гаварыла, што цяпер, маючы карову, яны ўжо напраўду зноў выжывуць.
Бацька адразу ж узяўся касіць старую, нікім за гэтае лета не чапаную, здзічэлую траву. Хлява, канечне, хутка не мог зрабіць, адклаў гэтую работу на вясну. Дык прыставіў да шчыта хаты высокіх жэрдак, абклаў ix мохам, зноў, каб не сарваў моху вецер, наставіў наверх моху жэрдак i ў вузкім, але высокім катушку знайшлося месца карове, якую нанач прывязвалі за рогі пастронкам да ўбітага ў сцяну вялікага цвіка.
…Бацька ў вераснёўскі сонечны дзень паблізу хаты, на поплаве, касіў, a Казік з маці грэблі скошаную яшчэ пазаўчора траву i насілі яе да азяроду.
Працавалі моўчкі; бацька махаў i махаў касою; маці i Казік, вяртаючыся ад азяроду да поплаву, яшчэ ўсё чуючы салодкі пах сена, ішлі з апушчанымі галовамі, пазіралі долу: калолася ў босыя ногі.
— Зірні, сын, у цябе вочы маладыя… — неспадзявана сказала маці, штурхнула Казіка ў бок локцем i кіўнула на здзічэлае, зарослае парыжэлаю свірэпаю, асотам, асветленае цяпер жаўтаватым святлом невысокага сонца поле. — Ці не чалавек вунь ідзе…