Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Сьцяна

Быкаў Васіль

Шрифт:

Урэшце памкамэнданта, відаць, зразумеў, што сілаю рухавіка з багны ня вылезьці. Уключыўшы малы газ, ён выскачыў з кабіны і забразгаў засовам машыны.

— Ану — падпіхнём! Ты, Мікалай, і ты, Казёл, вылазьце!

Яны сядзелі блізка ля дзьвярэй і згодна падняліся. Сурвіла рашуча скочыў ботамі ў твань, а Аўтух замарудзіў, ня ведаючы, куды тут ступіць. Але Косьцікаў зноў злосна прыкрыкнуў, і Аўтух няспрытна плюхнуўся лапцямі ў ваду.

— Давай! Як я скажу, — камандаваў Косьцікаў, стоячы на ўзбочыне. — Шафёр, паддай газу! Ну, раз, два — узялі!

Што было сілы яны пачалі піхаць у зад нізка аселай буды — Сурвіла з аднаго боку, Аўтух — з другога. Вакол было цёмна. Збоч ад дарогі чарнеўся ў тумане лес, з начнога перадранішняга неба церушыў дробны дожджык. Колы шалёна кідалі ў іх ашмёткамі гразі. Сурвілава скуранка стала хутка макрэць, таксама, як і руды суконны Аўтухоў армяк. Яны дужа стараліся, упіраючыся нагамі ў гразкае дно лужыны, але машына ня зрушвалася зь месца, мусіць, села, як трэба. Калі Косьцікаў зразумеў гэта, то крыкнуў шафёру, каб перастаў газаваць, — па-дурному паліць бэнзын. Цяжка дыхаючы, Сурвіла з Аўтухом выпрасталіся. У той час з буды пачуўся глухаваты Шастакоў голас:

— Дык гэта… Пусьціце і мяне. Пасаблю…

— Давай! — сказаў Косьцікаў і, ступіўшы адною нагой у багну, адчыніў дзьверы. Шастак рашуча скочыў у гразь. Косьцікаў зноў прычыніў дзьверы.

— А ці трэба? — ціха сказаў да яго Сурвіла.

— Нічога! — махнуў рукой памочнік камэнданта.

— Не ўцякуць…

Ужо ўтрох яны зноў пачалі піхаць машыну, але ўсё марна, тая тузалася, дрыжэла ад натугі, а не краналася зь месца. Разам зь ёю ўсім целам тузаўся ў будзе паэт Фэлікс Гром. Ён думаў, што, мабыць, трэба было б і яму вылезьці і памагчы, усё ж няёмка сядзець, калі побач надрываюцца людзі. Але яго ня клічуць і, мабыць, не паклічуць. Ён вораг. I ўжо куды большы, чым ягоны аднавясковец Аўтух ці рабочы-партыец Шастак, ня кажучы ўжо пра чэкіста Сурвілу. Чаго тут гэты Сурвіла, Фэлікс Гром не зразумеў дагэтуль. Справу таго разглядалі асобна ад іхнай, і, папраўдзе, ягоны лёс ня дужа й цікавіў паэта. Зрэшты, як і лёсы астатніх, апроч хіба ягонага земляка Аўтуха. Дзіўна, аднак, што справу камсамольца-паэта зьвязалі з асобаю аднаасобніка, зь якім ён нічым зьвязаны ня быў, апроч хіба таго, што паходзіў з той самай вёскі. Фэлікс Гром быў ужо заўважаны ў літаратуры, а Казёл Аўтух, з прычыны свае малапісьменнасьці, наўрад ці чытаў нават газэты. Але во зьвязалі абодвух. Не адразу і, мабыць, толькі тут, у турме, Фэлікс зразумеў, што трапіў у пастку не таму, што пачаў пісаць вершы, а што пачаў іх пісаць па-беларуску. Расейскія вершы не выклікалі да сябе і дзясятай долі тае ўвагі з боку рэдактараў і крытыкаў, якую выклікалі беларускія. I ён думаў цяпер, які д'ябал падбіў яго да паэзіі, тым больш — беларускай. Калі папраўдзе, дык ён нашмат больш падабаў расейскую — Пушкіна, Лермантава і асабліва Фета. Але пісаць так, як некалі пісаў Фет, было немагчыма, яго засьмяялі б свае ж сябры-камсамольцы. Належала браць прыклад з Маякоўскага, які зусім не падабаўся Фэліксу Грому. I ён памкнуўся да згуртаваньня «Маладняк», у які дружна паўступалі іншыя маладыя паэты, і пачаў пісаць, як яны, — знарок прыўзьнята, задзірыста, «бурапенна». Стараўся перайначыць у сабе прыроджаныя, а значыць, абыватальскія схільнасьці і густы — усю гэтую любасьць да бору і лесу, нязначных праяваў жыцьця, засвоіць іншую эстэтыку, інакшы слоўнік, напоўнены грымотай заводзкіх цэхаў, дымам фабрычных труб, калектыўнай працай людзей, будаўнікоў камунізму. I, здаецца, нешта ў яго пачало атрымлівацца. Газэта «Савецкая Беларусь» у аглядзе паэзіі памянула ягонае прозьвішча ў ліку маладых пралетарскіх паэтаў. Нават надрукавала адну страфу зь яго лепшага, на думку крытыка, верша над назвай «Майскія радзіны»:

Грымяць і стукаюць машыны, турбіны радасна гудуць, — спраўляюць майскія радзіны, гэта ўдарнікі ідуць.

Акрылены афіцыйным прызнаньнем свайго таленту, Фэлікс напісаў яшчэ з тузін падобных вершаў і адчуў сябе запраўскім песьняром пралетарыяту.

Усё ў яго ішло добра, і раптам гэты недарэчны арышт. Пэўна, хтось на яго настукаў, данёс за якое неасьцярожна, па п'янцы сказанае слова. У турме сьпярша дапытвалі толькі пра вершы ды размовы ў асяродзьдзі паэтаў, а пасьля, мабыць, сьцяміўшы, што з таго будзе невялікі набытак, зьвязалі ягоную справу зь дзядзькам Аўтухом — прызнавайся, што польскі шпіён! Здаецца, таго ж дамагаліся і ад Аўтуха. I дамагліся. Па сваёй сялянскай дурноце ці, можа, не стрываўшы зьдзекаў на допытах, Аўтух падпісаў паказаньні, нібыта Фэлікс Казёл завэрбаваў яго ў агенты дыфэнзывы, каб той хадзіў празь мяжу. Трэба было яму вэрбаваць гэтага маласьвядомага аднавяскоўца? I навошта яму патрэбная была тая мяжа? I навошта патрэбна было фальсыфікаваць усё тое органам?

Штурханіна і ляскат колаў знадворку раптам спыніліся, адно ледзь чутна гудзеў матор. Панылы голас чэкіста абвясьціў:

— Ну што? Селі?

— Селі на дзіфер, — сказаў Шастак.

Фэлікс Гром далікатна пастукаў у дзьверы.

— Можа, і я памагу? Усё ж учатырох…

Адтуль, знадворку, ніхто не адказаў, але дзьверы, бразнуўшы, расчыніліся.

— Ану давай усе! Усе вылазь, маць вашу за нагу. I піхаць! Дружна, усе разам! — закамандаваў памочнік камэнданта з напускной, аднак, злосьцю.

Менавіта такая яго злосьць не палохала і не абражала. I Фэлікс падумаў, што, можа, гэты чэкіст і не такі ўжо благі чалавек. За два месяцы турмы, допытаў і катаваньняў ён натрываўся рознага і ўжо думаў, што сярод іх няма ніводнага людзкага чалавека, адныя зьвяры. А так хацелася хоць пры канцы сустрэць чалавека з дабрынёй у душы, які б паставіўся да небаракі калі не з разуменьнем, дык хоць з маленькаю да яго спагадай. Усё ж ён быў чалавек. Хоць і паэт. I вораг, прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня.

Фэлікс Гром скочыў у цемру, адразу ледзьве не да каленяў трапіўшы ў каламутную багну дарогі. Аднак астатнія двое за ім не пасьпяшаліся, і памкамэнданта Косьцікаў зноў перайшоў на свой звыклы, зьедлівы крык:

— Ну вы! Доўга чакаць, маць вашу растак!

— А скульля табе! — пачулася з буды, — гэта спакойна азваўся грабежнік Зайкоўскі. — Я прыгавораны, мне не паложана штурхаць машыну.

— Як гэта — не паложана? — апешыў Косьцікаў.

— А так! Крымінальны кодэкс РСФСР, стацьця сто дваццаць сем прым. Чытаў?

Азадачаны Косьцікаў на хвіліну змоўчаў, шырока расставіўшы ля буды ногі, каб ня ўлезьці ў самае глыбокае месца. Цяжка сапучы ад перастомы, маўчалі іншыя. Фэлікс Гром ямчэй прыладжваўся ў лужыне, каб спрытней было папіхаць з твані. Нарэшце Сурвіла сказаў:

— Ды залівае ён! Ніякай пра гэта стацьці няма…

— Хай і няма. Усё роўна ня выйду. Хоць задавіцеся! Прысудзілі расстраляць, дык будзьце любезныя даставіць у цэласьці і сахраннасьці да месца казьні. Панятна?

— Зараз я табе пакажу месца казьні! — ускіпеў Косьцікаў і дастаў з кабуры пісталет. — Будзеш у мяне ў гразі валяцца, як дохлы пёс, бандыцкая твая морда! — страшна пагражаў ён. Аднак да дзьвярэй ня лез — усё баяўся трапіць у глыбокае месца багны.

— А што табе начальства скажа? — чулася з машыны. — Вёз — не давёз…

Падобна, становішча ўскладнялася. Аддзелены шырокаю лужынай, Зайкоўскі пакуль заставаўся недасяжны.

— Ну, падла, ты ў мяне дачакаесься! Я на цябе абоймы не пашкадую. Пасьледавацельна!

— Давай, дуй! Пасьледавацельна…

Апошнія словы Зайкоўскага Косьцікаў пакінуў, аднак, без увагі — яго турбавала іншае. Ён моўчкі агледзеў у цемры змакрэлыя постаці асуджаных, нібы палічыў іх.

— А там буржуй гэты, — падказаў Шастак.

— Белагвардзеец, — удакладніў Косьцікаў. — Ану вылазь, гражданін Валяр'янаў! Ваша сранае благародзьдзя!

З буды паказалася лысая, бяз шапкі галава Валяр'янава, які сьпярша сеў на парог, пашукаў, на што абаперціся нагамі, нерашуча перабраў побач рукамі.

— Сігай, ня трусь! — падбадзёрыў яго Сурвіла. Белагвардзеец, аднак, не сігануў, а, ухапіўшыся за плячо Аўтуха, грузна апусьціўся ў лужыну.

— Ну — узялі! Раз, два — узялі! — трохі адышоўшыся ўбок, закамандаваў Косьцікаў, усё размахваючы пісталетам.

Поделиться:
Популярные книги

Первый среди равных. Книга X

Бор Жорж
10. Первый среди Равных
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Первый среди равных. Книга X

Том 5. Пешком по Европе. Принц и нищий.

Твен Марк
Проза:
классическая проза
5.00
рейтинг книги
Том 5. Пешком по Европе. Принц и нищий.

Старый, но крепкий 2

Крынов Макс
2. Культивация без насилия
Фантастика:
рпг
уся
эпическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Старый, но крепкий 2

Ратник

Ланцов Михаил Алексеевич
3. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
7.11
рейтинг книги
Ратник

Неверный

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
5.50
рейтинг книги
Неверный

Ваше Сиятельство 3

Моури Эрли
3. Ваше Сиятельство
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Ваше Сиятельство 3

Оживший камень

Кас Маркус
1. Артефактор
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Оживший камень

Лекарь Империи 4

Карелин Сергей Витальевич
4. Лекарь Империи
Фантастика:
городское фэнтези
аниме
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Лекарь Империи 4

Я снова не бог. Книга XXXVIII

Дрейк Сириус
38. Дорогой барон!
Фантастика:
аниме
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Я снова не бог. Книга XXXVIII

Травница Его Драконейшества

Рель Кейлет
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Травница Его Драконейшества

Кодекс Охотника. Книга IV

Винокуров Юрий
4. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга IV

Офицер

Земляной Андрей Борисович
1. Офицер
Фантастика:
боевая фантастика
7.21
рейтинг книги
Офицер

Крестоносец

Ланцов Михаил Алексеевич
7. Помещик
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
альтернативная история
6.25
рейтинг книги
Крестоносец

Глава рода

Шелег Дмитрий Витальевич
5. Живой лёд
Фантастика:
боевая фантастика
6.55
рейтинг книги
Глава рода