Лабух
Шрифт:
Зоя нараніцы прыбегла да мяне з вакзала, а ў мяне — Зіначка. Так выйшла. Я ўсё не мог ніяк разабрацца з выдумкай Крабіча пра смерць дачкі... Як яму такое ў галаву ўзбрыло, чаму і нашто?.. Вырашыў Зіначку распытаць, заадно растлумачыць, чаму я з яе маці... Зіначка зацыклілася на гэтым. Яе закалаціла, калі я ў бальніцы з’явіўся. “Не падыходзьце!..” Засланілася нейкім куфэрачкам белым, які несла, і ў вачах — агіда! Рэдка на мяне гэтак, як на брыдоту, глядзелі — і каб я гэтак жа сябе пачуваў. Тут усё ў адно сыйшлося... Пачаў вінаваціцца, ледзьве ўгаварыў... А дзе размаўляць пра такое?.. Запрасіў да сябе, нічога іншага на ўвазе не маючы, а яна раптам, збялеўшы пад той куфэрачак: “Пайшлі! Мамку трахнулі, дык і мяне!..” Пасля нічога не было і быць не магло нічога, хоць Зіначка парог пераступіла і світарчык на галаву ўсцягнула, грудзі загаліла: “Ну, што? Як у мамкі?!. І ўсё астатняе паказаць?!.” Але яна так баранілася, ненавідзела мяне так, я абцягнуў світарчык, па адчайнай галаве пагладзіў: “Ты сябра майго дачка... прабач, не ведаў...” “Ніколі я дачкой не была яму, прыпыленаму! І мамцы цяпер не дачка!...” Я ўсё гладзіў па валасах: “Супакойся...” “Як вы маглі! Як вы ўсе маглі!..” Да слёз дайшло, пасля слёз яна паспакайнела трошкі, стала нешта чуць, можна было гаварыць... Так пакутліва і доўга я з дзецьмі сваімі не размаўляў — ні з Камілай, ні з Робертам. Сярод ночы Зіначка стамілася, апошні раз нервова ўсхліпнула — і раптам, седзячы ў крэсле, заснула. Імгненна, як дзіця. Я перанёс яе на ложак, лёг таксама. Мы проста пераначавалі разам, але Зоі ўраніцы я не стаў тлумачыць, што ўсё не так, як ёй здалося. І Зоя, перагаварыўшы са мной на кухні, пайшла, а Зіначка — не. І глянула, я заўважыў, услед Зоі пераможна. Пстрычка малая...
— Што Лі-Лі сказаць? — спытала Зоя, выходзячы. Яна не магла дапусціць, каб Зіначка і яе, і Лі-Лі перамагла. І правільна не дапускала. З Лі-Лі апошнім разам я амаль гэтак жа, як з Зіначкай, пераначаваў.
Ад Амеда Лі-Лі са мной не паехала: “Не хачу ў твой дом. Ва ўсякім разе зараз”. “А мне як быць?..” “Едзь, не едзь... Як хочаш...”
— Тут жывіце, — прапанаваў Амед. — Месца ўсім хопіць — і чым вам кепска?.. Мора, пальмы... І фікус свой.
— Фікус не наш, — прагаварылася Лі-Лі, якая не зусім яшчэ мяне кінула, і я зачапіўся за гэтае не наш, застаўся.
Павячэралі ў альтанцы — татарчык смачны аказаўся: не скажаш, што сырое мяса.
— Спецый, спецый не шкадаваць трэба, — аблізваў пальцы Амед. — Смак не ў мясе і не ў рыбе, а ў прыправах... І ў чалавеку так, бо сам ён сыры.
— Ува мне як са спецыямі? — спытала Лі-Лі, і Амед падняўся з кілішкам.
— Хоць аблізвай! Давайце вып’ем за Лі-Лі, на якую ўсе аблізваюцца!.. — І прыгразіў пальцам Серверу, які пацягнуўся да віна. — Дзеці не п’юць!..
— Аблізваюцца, — сказала жонка Амеда.
— Я дзіця, — выпіў соку і аблізаўся Фелікс. — Пашчасціла табе, Раман. — І Лі-Лі тут жа ўставіла:
— Не яму аднаму.
Яна нібыта жартавала, падвясельвалася — так гэта ўсе і зразумелі, апроч мяне. І яшчэ Фелікса, які, калі я падняўся, каб пайсці, мяне пераняў.
— Пачакай ты! Я ўжо сто гадоў не сядзеў вось так, каб проста пасядзець, калі яшчэ давядзецца?.. — І пачаў казаць да ўсіх. — Такога не ўявіць у Амерыцы... Наогул не ўявіць, каб недзе мне дапамаглі, як тут... Я шмат чаго прапусціў у жыцці. З таго, што ў свой час само даецца, а пасля не купіць, не вымаліць. Прамінуў людзей, з якімі мог быць блізкі... Цяпер нічога і нікога не вярнуць, але, каб можна было... Ды нельга. Толькі думаць трэба не пра тое, чаго ўжо нельга, а пра тое, што яшчэ можна... Іншыя ёсць у свеце людзі — дык хоць бы іх не прапусціць. Як раней прапускаў, калі цешыла мяне мая пантанасць, з якой бег да мэты, да якой? — з жыццём навыперадкі... Працаваць, дабівацца! — я шмат чаго ўмеў!— і што?.. Аказалася, я не ўмеў жыць. Не займеў нікога, з кім можна навучыцца, бо адзін не навучышся. І хачу, каб... — Фелікс на Лі-Лі глядзеў... — каб былі ў мяне вы...
— Тады вазьмі нас у Амерыку, — сказаў, не схільны да сантыментаў, Лупеха, асіметрычны, а дачка Амеда, найменшая, спытала:
— Ты амерыканскі сірата?..
— Вы чулі? — здзівілася яе маці. — А ніхто ж не казаў ёй ніколі, што ў свеце сіроты ёсць. Ёсць, мусіць, рэчы, пра якія яны самі адразу ведаюць... — І яна падала мне халат. — Можа, на сон пакупаецеся?..
Начаваць Фелікс пайшоў у флігель, вызваліўшы для мяне і Лі-Лі мансарду. Лі-Лі звыкла па пакручастай лесвіцы паднялася, не трымаючыся за поручань...
— Ведаеш, як я нявіннасць страціла? — знячэўку надумала расказаць, толькі мы ў ложак леглі, Лі-Лі. Ніяк не адказваючы на мае ласкі, яна і не працівілася, проста адсутнічала ў ласках. — У дзесятым класе дырэктар школы да сябе завёў. Маленькі такі, жыватасценькі. Я падумала: пара, школа канчаецца. Аднакласніцы ўсе даўно ператрахаліся, але ж не з дырэктарам... Таму пайшла, калі павёў. Папрасіла цыгарэту і, пакуль ён стараўся на мне, ляжала і паліла. Калі ўсё скончылася, адной цыгарэты хапіла, затушыла бычок аб дырэктара. У яго лысіна круглела на макаўцы — як попельніца. Ой і ўзвыў... Я дала сабе слова не паліць больш ніколі. І, бачыш, не палю...
Я гатовы быў аб яе бычок затушыць. Але не паліў.
— Ты згубіла мяне, Лі-Лі?.. Страціла?
— Калі ты расказваў, як страціў нявіннасць, ты мяне губляў?
— Ты сама расказаць прасіла!
— І сама расказаць захацела. Што з табой?
— Дзе ты была ўсе гэтыя дні?
— Ты пытаешся: з кім?..
— З кім?
Лі-Лі рэзка прыўстала.
— З дэпутатам! З дзяржсакратаром! З прэзідэнтам!
— Бычкі аб лысіну тушыла?
— Яны не ўсе лысыя!
— Лі-Лі!..
Я ўдарыў яе. З размаху па шчацэ.
Яна нібы чакала гэтага. Не здзівілася, не спалохалася, не ўскрыўдавала. Пацёрла шчаку і адвярнулася:
— Давай спаць.
Ад яе ашалець можна было.
— Як спаць?..
— Як усе. Ты хіба, як усе, спаць не ўмееш?
І ўсё разумей, як хочаш... Я павярнуў яе, яна сціскала твар абедзьвюма далонямі. Не плакала, але туманок у вачах плыў каштанава-вільготны.
— Ты ўжо не са мной, Лі-Лі?
— Я з табой. Дапамагаю...
— Каму?
Яна маўчала.
— Каму? Феліксу?
— І яму...
— І каму яшчэ?
— Сабе. Шоу раблю, хіба не ведаеш?
— Ведаю. І не разумею, чаму без мяне?..
Лі-Лі крутнулася на калені і замахала нада мной рукамі:
— Бо гэта маё шоу! Маё, а не тваё! І ўсё сваё я раблю і буду рабіць сама!
Я злавіў яе за рукі, прыцягнуў, прыціснуў плаўна-імклівае цела...
— Сама, сама... Знайдзі мяне, Лі-Лі...
Лі-Лі ўздыхнула і пачала мяне ціха-ціха, як не хочачы, шукаць... Грудзямі, жыватом, лабком... Не дашукаўшы, абмякла раптам і ціха-ціха на мне заснула. Так даверліва, што я ляжаў, баючыся зварухнуцца.
Рана-рана яна пабудзіла мяне і дала два запрашальныя білеты на шоу...
— Другі для каго?
— Для каго хочаш. Ці для Крабіча... Спі, я пабегла.
Яна пабегла... а перад тым, калі білеты мне давала, сумку з рук выпусціла, білеты — у канвертах — у сумцы былі і разам з усім, што ў сумцы было, выпалі, разляцеліся, і адзін канверт — не такі, як астатнія, меншы — за халат, які Амедава жонка для басейна прынесла, заляцеў, і Лі-Лі, зграбаючы ўсё ў сумку, за халатам яго не заўважыла, я і сам бы не заўважыў, каб не падумаў: не выйшла палятаць — чаму б не паплаваць?.. і падумаў, канверт той заўважыўшы, што ў тым канверце таксама білеты для некага, а ў ім — для мяне — я на фотаздымку ў абдымку з Феліксам.