Круг
Шрифт:
– А пусьцім па рэчцы… Каб ня плакаў тут, спаць ноччу не перашкаджаў!
Адпытлявала тады маці сына за дурныя думкі, а сама яшчэ доўга і ўспомніць пра тое баялася: вазьмі тады пакінь на колькі гадзін малога ў хаце (як часта рабіла раней), хлопцы і зьнесьлі б малога на рэчку…
«Выцягнены з вады» – гэта ў перакладзе азначае слова Маісей. Калісь, выконваючы волю егіпецкага фараона, яго пакінулі на рэчцы ў абсмоленым кошыку. Выратавала Маісея фараонава дачка, якая прыйшла да вады мыцца… Фараонаў у іхніх прымядзельскіх краях не было спакон веку, і выратоўваць малога давялося маці…
Сьмерць цікавала за ім яшчэ з малалецтва. Аднаго разу нават апусьціла на яго… сваю сякеру. Маці адтапіла малако і павесіла клінок з творагам на тапарышча – каб сьцякала ў вядзерца сыроватка (сякера ляжала на лаве і служыла адвесам). Калі маці выйшла з хаты, яму закарцела ўзьлезьці на тую лаву… Клінок з творагам зваліўся ў вядро, а сякера, падаючы, дзюбнула сваім лязом па ягоным дасьціпным носе.
Плач, кроў! Маці кінулася з малым да вясковага фельчара, балазе той жыў праз вуліцу. Фельчар і прышыў падсечаны нос, аднак яшчэ болей прыстрашыў:
– Гэта нічога, зарасьце. А магла б, ня дай Бог, сякера па ілбе ці воку секануць…
Рана загаілася хутка, нават рубца не засталося, вось толькі фельчаравы хлопцы пачалі зваць яго Прышываны Нос. Ды тое нічога: ад мянушкі шкоды было менш, чым ад сякеры.
А яшчэ ён помніць іншы сполах – люты, сьмяротны, па ўсёй вёсцы які разыходзіўся.
Завітаў неяк у вёску падарожны: стары, худы, у страшным рызьзі. Абступілі яго дзядзькі: «Што ў сьвеце чуваць?», – пытаюць.
– Кепскае чуваць, – адказвае той. – Скора зьявіцца на небе Боскі анёл і будзе трубіць у трубу, каб паклікаць на суд усіх жывых і нябожчыкаў. Магілы паадкрываюцца, і будзе канец сьвету…
Прачулі пра гэта, канечне ж, і дзеці. І, як на тое, праз некалькі дзён над Агароднікамі – аграмадны шар, пад ім – драўляны кош, а з каша тоўстая вяроўка ажно да зямлі, як хвост, цягнецца, нейкая постаць з каша вызірвае і ў трубу трубіць…
Кінуліся ўсе па хатах, павыносілі абразы. Страхата, крыкі жудасныя. І яму тады здалося, што зямля задрыжэла пад нагамі – вось-вось хату праглыне, а сонца нават сьвяціць слабей пачало…
Памаліліся адчайна вяскоўцы – і нябесная здань адплыла, – за поле, пад Манькавічы, да Гарэлага балота. Там было ўрочышча. Пасьвячы колісь коней, малыя ўпалілі ў тым балоце торф, і зімой і летам дыміла яно, а затым у выгарыну абвалілася і зямля, і дрэвы. Толькі чорныя макаўкі тырчэлі цяпер над Гарэлым балотам.
За адну з іх і зачапілася вяроўчына з паветранага шара. Па ёй зьлезьлі двое «анёлаў» і пашыбавалі назад да Агароднікаў. А там – багамольле.
Адзін з «анёлаў» пачаў так лаяцца, як у вёсцы аніводзін мужчына ня чуў.
Аказалася, што з Ковенскай крэпасьці вайскоўцы пусьцілі паветраны шар – аэрастат. А ў ім нешта папсавалася, і «аэранаўты» – каб уратавацца – пачалі зваць на дапамогу вяскоўцаў. А каб лепей чутно было – у трубу дудзелі. Толькі ж адкуль тым вяскоўцам ведаць было пра тыя аэрастаты…
Біблейскі Маісей пачынаў сваю працу пастухом авечак. Авечак бацькі Уладзі не трымалі, аднак і ён паспытаў пастухоўскага хлеба: пасьля дзедавых пчол пачаў пільнаваць на выгане гусей, а як споўнілася шэсьць гадоў, яму – росламу і не па часе дужаму – даверылі пасьвіць і статак кароў.
Вясковы выган стаў кепскім, заместа травы ўскоквалі калючкі, і бацька арэндаваў пасеку ля Доўжы. Гаспадары пасекі жылі далекавата ад возера, і «пашу» – траву паміж шыхтамі вульляў – не скарыстоўвалі. Вось і пусьцілі туды іхніх кароў, і плату невялікую запрасілі: калі-нікалі масла ды сыроў.
Ад хаты да пасекі – тры вярсты лесам. Уладзя браў яды на цэлы дзень і вяртаўся з каровамі толькі вечарам. У абед падганяў іх да возера, туды прыходзіла маці з даёнкамі. Адносіць малако дапамагалі старэйшыя браты.
За вёскай шапацела ў чаратах Мядзелка. Яна апаясвала два палеткі. Паплавы па абодва берагі належалі вяскоўцам. За тыя паплавы колісь вялася сапраўдная бойка. Гэта былі добрыя сенажаці, а –да ўсяго – з іх лацьвей дабіраліся вяскоўцы да панскага лесу.
І аднаго разу адміністратар абвесьціў пра тое, што паплавы яшчэ здаўна належалі князю, а таму наўзамен іх адводзіцца зямля Залатухі – багністы дзірван у лесе.
Сабраўшы грошай, вяскоўцы выправілі пасланца да віленскага адваката. Аднак той не пакінуў аніякай надзеі: «Ваш жа князь – у былым царскі міністр…»
Не зважаючы на грозьбы, вяскоўцы зноў пачалі касіць паплавы, сушыць сена. Вазіць жа яго давялося ў гумны княскія – пад прымусам салдатаў.
А як ноччу салдаты паўпіваліся (у князя быў свой бровар), ускочыў на княскія гумны, стайні і пуні чырвоны певень…
Панаехала нараніцу жандараў, але вяскоўцы ў адзін голас аднекваліся-апраўдваліся:
– То ж п’яныя салдаты да пажару давялі…
Панскі лес, дзе і спала балота Залатуха, пачынаўся за рэчкай ад левага поплава. У лес той Уладзя бегаў толькі аднойчы, ды й то з братамі. Лес багаты, гонкі, і маніў ён ня менш, чым рэчка, асабліва калі ўзлазіў на дзедаў клён з бусьлянкай – з вышыні рэчка паказвалася адным сваім бокам, ды і то закрытым трысьцём, а вось лес… Лес уражваў веліччу, прасторам. Нібыта зялёнае лісьцёвае мора зьбіралася вось-вось сьцячы нізкім поплавам у рэчку, заліць і затапіць усё наўкол…
Яму тады здавалася, што лепш, чым з дзедавага клёна, разглядзець ваколіцу немагчыма. Аднак, як выявілася (праўда, толькі праз пяць гадоў), можна было – і нашмат лепш!
Здарылася тое ў вайну. У Агароднікі заехаў конны нямецкі дазор: з доўгімі пікамі, у зіхоткіх шлемах са сьмешнымі дзюбкамі-пікамі зьверху. Сьпешыліся, пайшлі ў Лідчыкаву хату – стаяла скрай вёскі, на ўзвышку. А адзін, маладзейшы, сьцярожка палез на страху і пачаў у бінокль азіраць манькаўскую дарогу, Калееўскае поле, лес. І якраз Уладзя з малодшым братам Язэпам сунуліся чагось паўз тую хату – і заглядзеліся на немца.