Ланцуг
Шрифт:
Уявіўшы гэта, дзяўчынка борздзенька ўскочыла на ногі і заспяшалася дамоў. Адсюль рукой падаць. Вузенькая сцежачка праз маляўнічы кляновы гай (чамусьці ён завецца Барбарысаў Гай) выведзе проста да ейнай сядзібы, ці, лепш сказаць, да старой казармы. Такія яшчэ пры царызме будавалі паўсюль пры самай чыгунцы. Пражывалі ў іх у асноўным сем’і чыгуначнікаў. А цяпер у такой казарме, удалечыні ад людзей і дабротаў цывілізацыі (да бліжэйшай вёскі, дзе крама, клуб і школа, у якую ходзіць дзевяцікласніца Ганна, ажно чатыры кіламетры) сам-насам з прыродай існуе невялікая, дружная семейка: яна — Ганулька, тата, мама і старэйшы брат Янка. Амаль як у вельмі цікавай кнізе Янкі Маўра «Міколка-паравоз». Тутэйшыя людзі называюць гэта іхняе месцажыхарства хто як: Хутар, Казарма, Дванаццаты Кіламетр або проста Раз’езд.
Ганульчыну сям’ю па праву можна лічыць патомнымі чыгуначнікамі. На пуцях у адной брыгадзе працуюць тата, мама, а год назад да іх далучыўся і Янка, які нядаўна скончыў школу.
…Маладыя спрытныя ногі шпарка нясуць Ганульку па сцежцы. Падабаецца ёй тут! Сябруе яна з прыродай, надта любіць свае краявіды. А трэба зазначыць, яны і праўда маляўнічыя. Ніколі не прамяняла б іх ні на якія іншыя! Яна нават не ўяўляе, што недзе людзі могуць жыць іначай, не так, як жыве ейная сям’я. Але ж свет вялікі! Мабыць, недзе жывуць і па-ейнаму. Аб тым нагадвае блізкасць чыгуначнага палатна ды зрэдку рытмічны перастук цягніковых колаў на стыках.
— Ганначка! Колькі цябе можна клікаць?
— Іду, мамачка! — адклікваецца дачка і дадае хады.
Сцежка выводзіць на агарод, а затым — на невялікі, ладны ў памерах, утульны дворык. У хляве стогне-рохкае сытая свіння Марта з 12-цю парасяткамі. Іім пакуль імёнаў яшчэ не прыдумал). На ланцугу каля будкі брэша і адначасова вартуе сядзібу сабака Валет, каля суседняй будкі — сучка Глаша, гладкая і ільсцістая. Яшчэ ў гаспадарцы бык Мікіта, каровы Стрэлка і Кветка, цялушка Зорачка, а таксама кот Мацвей у белых панчошках, вялікі аматар свежага малачка.
Пасярод двара брат Янка. Корпаецца ў сваім матацыкле. Матацыкл завецца «Мінск». Рукі выпэцканыя па локці, чорныя плямы на носе і на шчацэ. Ганулька не вытрымлівае і пырскае смехам. Аднак Янка на яе — нуль увагі. Вядома — дарослы, у армію хутка, вунь нават вусікі ўжо цёмнай нітачкай прабіліся на твары, якія зусім яму не да твару. А паспрабуй скажы — бяды не абярэшся! Задавака!
…Павячэраўшы, Ганна з кнігай у руцэ выходзіць на двор і ўладкоўваецца ў падвешаным на густым, раскідзітым таполі ейным гамаку. Сутонне ахутвае абшары. Сонца амаль схавалася за вершаліны Старога Лесу. А чаму ён так завецца? Ніхто і не скажа. Суцэльныя тайны, загадкі… У тым баку яшчэ знаходзяцца Воўчыя Горы, пра якія ў народзе столькі складзена легенд і паданняў. Туды Ганулька ні нагой — страшна!
У вокнах казармы гарыць святло. Увогуле, казарма вялікая, на іх чатыры чалавекі ажно восем пакояў! У адным з пакояў працуе тэлевізар — бацька, як заўсёды, глядзіць кіно. Маці, як звычайна, завіхаецца па гаспадарцы. Янка па звычцы патарахцеў на матацыкле «гуляць» у суседнія вёскі… Словам, усё ў іх ладна і складна.
Вечаровыя гукі заціхаюць. Калі-нікалі прагрукоча цягнік, абдасць гарачым ветрыкам, пахам мазуту і цеплавознага дыму. Затым яшчэ доўга ў вушах будзе стаяць перастук колаў і ціхі звон рэек.
Ужо нельга разабраць літар, і ад таго Ганульцы не зусім да канца ясна, што меў на ўвазе аўтар пад сваёй думкай. Дзяўчына з жалем загортвае гэту надта цікавую кнігу. Час ісці ўкладвацца спаць. Заўтра апошні дзень школы, апошні дзень Ганульчынага дзевятага класа.
— А ці ўсё ты падрыхтавала на заўтра, дачушка? — пытае маці, якая падышла нячутна. — Не забудзь, што заўтра апошні дзень школы, а таксама апошні дзень твайго дзевятага класа.
Мама магла б і не нагадваць. Ганулька і без яе памятае. Туфлікі на абцасах, новенькая адпрасаваная спаднічка, беленькі фартушок, калготкі… Усё даўно падрыхтавана і толькі таго і чакае, каб узлезці на сваю гаспадыню і разам з ёю паказацца на людзях.
— Падумаць толькі, як няўмольна хутка ляціць-пралятае час! — уздыхае маці. — Як зараз, здаецца, стаіць перад вачыма той момант, калі ты была зусім малечай, а цяпер вунь якая…
Голас у маці задрыжэў. Адвярнуўшыся, яна хусткай выцірае набрынялыя вочы… Відаць, успомніла сваю маладосць.
Нейкі час дзяўчынка ходзіць па двары. Чысціць зубы, доўга мые ногі… Потым тушыць святло і ўкладваецца ў пахнучую свежасцю пасцель. Ёсць у Ганулькі свая невялікая тайна — перад сном яна любіць хвілін 20–30 аддацца марам. Дарагі ёй гэты ейны патаемны час! Яна не разумее, як іншыя, напрыклад, Янка, могуць, ледзь толькі дакрануўшыся да падушкі, адразу задаваць храпака без задніх ног.
Ганулька сцішылася пад коўдраю. Але — душна, і яна адкінула яе. Ляжала голенькая, залітая месячным святлом, з шырока расплюшчанымі вачыма, крыху падобная на Данаю з вядомай карціны Урубеля. І вось даўгачаканыя сябры, ейныя мары-летуценні, стукаюцца ў госці. Дзіўна, думае дзяўчына, чаму ніхто не заўважае перамен, што з ёю апошнім часам адбываюцца? Бо тым непаўторным маем Ганулька расцвітала на вачах — як іхняя груша-дзічка, што расла пры дарозе на вёску. Двойчы, а то і больш разоў у дзень, ідучы ў школу ці вяртаючыся з яе, або ў вясковую краму і назад, дзяўчынка зусім не звяртала на яе ўвагі. Ды нечакана спынілася перад ёю ў нямым захапленні! За адну ноч груша закіпела бела-ружовай квеценню! Ад радасці дзяўчынка нават запляскала ў ладкі.
«Як у гэтым дрэве, так і ва мне абуджаюцца драмаўшыя дасюль сокі, — пранеслася з хуткасцю маланкі думка, — і пачынаюць свой нястрымны рух аднекуль з глыбіні душы, з самага сэрца!»
Дзяўчына не хацела прызнацца нават самой сабе, што прычынай раптоўнага ейнага зацвітання, віной патаемных дзявочых мар, надзей, спадзяванняў і — забягаючы наперад — няшчасця стаў ён, Валянцін…»
ІV. Разбор
Аб чым я Вас і папярэджваў.
Добра: апусцім усе гэтыя, на горкі яблык збітыя імёны хатніх жывёл і «каларытныя» назвы мясцін. Заплюшчым вочы на маладую бульбачку і гурочкі ў маі. Даруем дэбютантцы іншыя сэнсавыя, моўныя і стылёвыя хібы — як, напрыклад, да раздражнення не беларускае (ды, здаецца, і нічыё) «ейнічанне», частае «наперад забяганне», блытаніна з аўтарамі… Не станем прыдзірацца да мележаўскай Ганны, коласаўскай грушы-дзічкі (хоць наконт апошняй і варта было б удакладніць: не адна, а дзве тоўстыя грушы раслі паабапал дарогі, нібы абазначаючы вароты пры ўездзе ў якісь старадаўні, а цяпер занядбаны маёнтак; і была яшчэ трэцяя — маладая, якую Вы, мабыць, і мелі на ўвазе, толькі яна хавалася ў лесе, пры калодзежы, і з дарогі яе не ўбачыш).