Чтение онлайн

на главную

Жанры

Фаўст

Гётэ Ёган Вольфганг

Шрифт:

Хор анёлаў (сеючы ружы)

Ружы агністыя, Ружы іскрыстыя, Лёгкія-лёткія, Жыццесалодкія, Водару поўныя; Кветкі цудоўныя Квецяцца хай! З птушкамі, з пошчакам Блізіцца май, Разам з нябожчыкам Вернемся ў рай!

Мефістофель (да д’яблаў)

Чаго паніклі, ўціснулі хвасты? Не ў звычках чорта кідацца ў кусты. Хай сеюць, адрабляюць свой шарварак, А мы сваё на ўласны возьмем карак. Анёлкі думаюць, што ружамі яны Злагодзяць гадаванцаў сатаны. Дык дзьмухайце ж, занудлівыя косткі, Няхай пажухнуць райскія пялёсткі. Ну, годзе ўжо, перабаршчыць вы рады — Аж пер’ечка ляціць ад іх армады; Цішэй, цішэй, раты заткніце й ноздры — Занадта ж кожны з вас у службе борзды! Усё вы звесці рады надарма — І без таго жывое кветачкі няма. Пільнуйцеся! Свае патройце сілы І ні на пядзю ад магілы! Дзе ваш імпэт? Не веру я, каб руж лісткі Маім чарцям падсмажылі бакі!

Анёлы

Ружы духмяныя, Ружы румяныя, Любасцю веючы І лагаднеючы, Сцвердзіце мір! Славай парфірнаю, Плынню эфірнаю, Музыкай лірнаю — Поўніцца шыр!

Мефістофель

О, ганьба і праклён вам, выхвалякі! Кулём ляцяць мае ваякі! Няўжо мой смелы план — кату пад хвост? Што ж, хай задамі плюхаюцца ў лаву, Я нейк перажыву сваю няславу І не пакіну свой пачэсны пост!

(Адбіваецца ад пялёсткаў.)

Прэч, не свяці дарэмна, светлячок, Ля твару не кружыся, як паперка. Цябе ўхапі — ты слізкі камячок. А ружы так пякуць — горш, як смала і серка.

Анёлы

У неналежнае Не пранікайце, Марнае, грэшнае Прэч адкідайце! Толькі лагодаю Высушыш слёзы, Толькі пяшчотаю Ўсцешыш нябёсы.

Мефістофель

Пячэ мяне анёльскай ласкі сіла Мацней за сатанінскае гарніла! Бягуць мае! На страту сатаны З тугою азіраюцца яны. Услед любві сваёй такімі вось вачыма Глядзіць пакінуты мужчына. А я? Як ненавідзеў я анёлаў раць, А сёння вочы аж гараць! Чым так яны скарылі сатану, Чым так яны мяне прычаравалі, Што ворагі нібы і даспадобы сталі, Што я гляджу на іх і не кляну? Дазнаўшыся, што мне яны па мыслі, У пекле ўсе б ад рогату аж кіслі. Ды я, прызнацца, палюбіў такіх дзяцей — Вунь як патурылі маіх чарцей!

(Да анёлаў.)

Не бойцеся мяне, ідзіце смела, Люцыпаравы дзетачкі,— я знаю вас. Пацалаваць радню мне вельмі закарцела, І вы тут сёння ў самы раз! Любіць бясконца вас гатовы, Нібыта мы — адна сям’я. Гляджу на вас, як кот марцовы, Аддаць вам сэрца рады я. Ідзіце ж, дзеткі, весялей.

Анёлы

Мы падышлі, ты адступіў далей. Не бойся, не пакрыўдзім сатану!

(Запаўняюць усю сцэну.)

Мефістофель (адціснуты на авансцэну)

Усе грахі на нас вы валіце заўсёды, А самі ведзьмары высокай пробы, Бо сееце сярод людзей адну ману. Дык вось які ён, гэты ваш адказ! — А я ж хачу любві і ласкі, Мяне вы надзіце; калі пабачу вас, Дык прагну я шчаслівае развязкі. Што ж, апускайцеся — я буду рад. Хоць вам сур’ёзнасць і да твару, Аднак я свецкасць вашу ўбачыць мару, Усмешачка вам будзе ў акурат, Яна б мяне адразу паланіла, Калі б залётнай рысачкаю міла Свяцілася ў куточках губ. Вось ты, вышэйшанькі, мне вельмі ж люб, Ты без папоўшчыны, без гэтай расы Любому быў бы вабны й ласы. Паадзяваліся зусім без ладу, А дэкальтэ вам болей прыстае. Вы любы мне, прызнацца, нават ззаду!.. Ах вы, спакуснічкі мае!..

Анёлы

Полымя любасці, Яснае мудрасці Грэх утаймуе, Праўду ўшануе, Лютасць адвее, Ласкай сагрэе — Знойдзеш свой дах У райскіх садах.

Мефістофель (спахапіўшыся)

А як жа я? — А я ў струпах, бы Йоў, Сябе самога азірнуць жахліва. Агледзеўшыся, трыумфую зноў, Бо з заварухі выйшаў я шчасліва. На скуры след пакінула любоў, А больш нідзе няма ні знаку. Цяпер, калі прыцьміўся бляск агнёў, Я шлю праклён вам у падзяку!

Анёлы

Хто ачышчаецца Полымем чыстым, Той прычашчаецца Раем вячыстым. Эфір улагоджаны, Нас закалыхвае, Хай дух адроджаны Вольнасцю дыхае!

(Узносяцца з несмяротнай часцінай Фаўста.)

Мефістофель (азіраючыся)

Віселі над магілай, бы крукі — І што? — Здабычу верную маю Так спрытна вырвалі з рукі, Каб вы ўдавіліся ў сваім раю Няшчаснай гэтаю душой! А я, аддаўшы скарб законны свой, Самотны над магілаю стаю. Каму паскардзіцца? — Вакол няслава! Хто дагаворнае прызнае права? Так ашукаць! Правесці чорта подла! Ды што ж анёльскае паганіць кодла, Калі ты сам, як пень, дурны. О нечуваны сорам сатаны! Такі меў план, хадзіў так горда, Так спрытна плёў каханне, ставіў сець — І на табе — падсеклі чорта! То ж трэба ведаць, трэба ўмець! А ўжо ж! — дурнейшай дурасці няма, Калі абдурвае сябе сама!

Горныя цясніны, лес, скалы, пустка

Святыя пустэльнікі групамі адпачываюць на скалах над прадоннямі.

Хор і рэха

Кручы глядзяць на дол, Сосны шумяць вакол, Пнуцца карчы з зямлі, Пахнуць смалой камлі, Льюцца крыніцы з гор Міма глухіх пячор. Лашчацца ўжо ільвы На дыванах травы. Тут не ліецца кроў, Тут царуе любоў.

Pater ecstaticus{251}

Айцец экзальтаваны (лунаючы ў паветры)

Жар недаступнасці, Жар вечнай любасці. Сэрца закутае Болем спакутуе! Стрэлы, прабіце мяне, Дзіды, каліце мяне, Латы, душыце мяне, Маланкі, паліце мяне! Тло ўсё адвеецца, Праўда ўспраменіцца, Пройдзе пакут пара, Ўзыдзе любві зара.
Поделиться:
Популярные книги

Обнять космос

Данильченко Олег Викторович
2. МиГера
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Обнять космос

Ведун

Сухов Александр Евгеньевич
1. Второй шанс
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Ведун

Менталист. Трансформация

Еслер Андрей
4. Выиграть у времени
Фантастика:
фэнтези
альтернативная история
7.28
рейтинг книги
Менталист. Трансформация

Низший - Инфериор. Компиляция. Книги 1-19

Михайлов Дем Алексеевич
Фантастика 2023. Компиляция
Фантастика:
боевая фантастика
5.00
рейтинг книги
Низший - Инфериор. Компиляция. Книги 1-19

Гримуар темного лорда III

Грехов Тимофей
3. Гримуар темного лорда
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Гримуар темного лорда III

На границе империй. Том 10. Часть 2

INDIGO
Вселенная EVE Online
Фантастика:
космическая фантастика
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 10. Часть 2

Инженер Петра Великого 5

Гросов Виктор
5. Инженер Петра Великого
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
фэнтези
4.75
рейтинг книги
Инженер Петра Великого 5

Хозяин Стужи 6

Петров Максим Николаевич
6. Злой Лед
Фантастика:
аниме
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Хозяин Стужи 6

Идеальный мир для Лекаря 26

Сапфир Олег
26. Лекарь
Фантастика:
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 26

Кодекс Охотника. Книга XXIII

Винокуров Юрий
23. Кодекс Охотника
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XXIII

Журнал «Если», 2002 № 08

Андерсон Кевин Джей
114. Журнал Если
Фантастика:
научная фантастика
5.00
рейтинг книги
Журнал «Если», 2002 № 08

Главный рубильник. Расцвет и гибель информационных империй от радио до интернета

Ву Тим
Деловая литература:
о бизнесе популярно
5.00
рейтинг книги
Главный рубильник. Расцвет и гибель информационных империй от радио до интернета

Черный Маг Императора 4

Герда Александр
4. Черный маг императора
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 4

Двойник Короля 8

Скабер Артемий
8. Двойник Короля
Фантастика:
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Двойник Короля 8